Judges

News

23 Oct

Чужы сярод сваіх (інтэвр'ю 34mag.net з Жаа Алмейда Дыяшам, адным з пераможцаў мінулагодняга конкурсу Belarus in Focus)



На мінулым тыдні (артыкул апублікаваны ў лютым 2015 г. - заўвага Belarus in Focus) былі аб’яўлены пераможцы чарговага конкурсу Belarus in Focus за лепшае асвятленне падзей у Беларусі. Адзін з пераможцаў – 24-гадовы партугальскі журналіст Жаа Дзіаш (João de Almeida Dias), рэпорт якога адрозніваецца такім веданнем беларускіх рэалій, якога не стае іншым мясцовым журналістам. Партугалец запраста раскажа, што Вольскі і Міхалок калісьці рабілі сумесны праект, журналістка Халіп – жонка палітыка Саннікава, і амаль без акцэнту прамовіць «Вйасна» і «Бяляцкі». Мы пагутарылі з партугальцам пра яго 10-дзённую камандзіроўку ў Беларусь.

Беларусь, любоў мая

Жаа наведаў Беларусь у кастрычніку 2014-га, правёў тут дзесяць дзён, пагутарыў з галоўнымі пасіянарыямі краіны і напісаў па выніках тры артыкулы, за адзін з якіх ён, уласна, і атрымаў узнагароду.

На конкурсе партугалец праходзіў у катэгорыі «журналіст-пачатковец» – Жаа 24 гады. Ён расказвае, што сваю кар’еру пачаў, калі па праграме Erasmus паехаў на апошні семестр свайго бакалаўрыяту ў Балгарыю. Гэта было стратэгічнае рашэнне, бо Балгарыя знаходзіцца паблізу Турцыі і Грэцыі, галоўных краін-інфанагодаў апошніх гадоў.

Матэрыялы адтуль былі апублікаваны ў некалькіх асноўных партугальскіх выданнях: «Знайсці працу журналісту ў маёй краіне надзвычай цяжка. Медыяландшафт Партугаліі не надта вялікі: у нас ёсць толькі пяць штодзённых газет, дзве штотыднёвыя і два штотыднёвых часопіса. З гэтых усіх выданняў літаральна пару-тройку я здольны назваць сур’ёзнымі і рэспектабельнымі СМІ». Дарэчы, сайт Observador, на якім былі апублікаваны нататкі Жаа пра Беларусь, – першае выданне, якое існуе толькі ў вэб-версіі. Сайт запусціўся ў траўні мінулага года і за кароткі час стаў адным з самых аўтарытэтных парталаў краіны.

Высвятляецца, што цікавасць да Беларусі з’явілася ў Жаа даўно: «Пасля таго, як я скончыў асвятленне выбараў у Грэцыі ў 2012-м, задумаўся: што мне рабіць далей? Я пачаў праглядаць каляндар у пошуках круглых лічбаў. На той час было 18 гадоў праўлення Лукашэнкі ў Беларусі. Гэта не вельмі круглая дата, і я паставіў сваёй мэтай прыехаць сюды ў 2014 годзе, да дваццацігоддзя знаходжання вашага прэзідэнта ва ўладзе».

Хто такі Сцюарт Паркер?

Атрымліваецца, што сістэматычна цікавіцца беларускімі навінамі партугалец пачаў яшчэ два гады таму. «Два месяцы непасрэдна перад трыпам я чытаў пра вашу краіну кожны дзень; думаю, на той час я лепш ведаў, што адбываецца ў Беларусі, чым у Партугаліі. Крыху дапамаглі вашы СМІ, якія пішуць на англійскай. Акрамя таго, я чытаў артыкулы, апублікаваныя ў The Guardian або New York Times. Але праблема ў тым, што іх журналісты рэдка ездзяць у Беларусь, таму артыкулы заўсёды сканцэнтраваны на адных і тых жа рэчах і толькі крыху аздоблены актуальнымі падзеямі», – расказвае рэпарцёр.

Галоўнай крыніцай ведаў пра Беларусь для Жаа сталі кнігі на англійскай мове, якія ён замовіў на Amazon. Назвы іх прыблізна аднолькавыя, кажа ён, кшталту The Last Dictatorship in Europe альбо Last European Dictatorship. Адна з іх была напісана былым паслом Вялікабрытаніі ў Беларусі і мае, па словах Жаа, вельмі крытычны характар. Другая кніга была напісана амерыканскім навукоўцам украінскага паходжання Эндру Ўілсанам, гэта аналітычная праца. Самая дзіўная – трэцяя кніжка, аўтарства нейкага Сцюарта Паркера. Яна называецца The Last Soviet Republic, ёсць выданне 2007 года і перавыданне 2009-га з прадмовай. «Гэты аўтар вельмі пралукашэнкаўскі, кожная з 15 глаў пачынаецца з цытаты прэзідэнта. Дзіўна тое, што пра гэтага пісьменніка немагчыма знайсці інфармацыю. Ёсць сведкі, што ён вывучаў “peace and war studies”, але нават не вядома, у якім універсітэце. Мяркую, гэта плод фантазіі кагосьці з беларускіх чыноўнікаў. У некаторым сэнсе гэта была самая цікавая крыніца», – пасміхаецца партугалец.

 

«Калі б мяне злавілі тут без візы, асабіста са мной усё было б добра, проста выкінулі б з краіны»

 

Я ведаю, што Дзіаш рабіў афіцыйную журналісцкую візу, і пытаю, колькі яму гэта каштавала: «Бачыш, я ўжо пачыныю лысець, мяркую, атрыманне гэтай візы зрабіла значны ўнёсак у гэты працэс. У Партугаліі няма вашай амбасады, мне давялося звярнуцца ў Францыю і з дапамогай е-мэйлаў і тэлефонных размоў прайсці праз пачварную бюракратыю. Гэта заняло вельмі шмат часу і каштавала вялікіх грошай».

Журналіст кажа, што вырашыў зрабіць усё афіцыяльна, каб не падстаўляць тых людзей, з якімі яму давялося б працаваць: «Калі б мяне злавілі тут без візы, асабіста са мной усё было б добра, проста выкінулі б з краіны. Але што магло здарыцца з людзьмі, якія мне дапамагалі, я не маю ніякага ўяўлення. Дарэчы, гэта была галоўная парада ад аднаго майго калегі, які быў тут падчас выбараў 2010 года, – абавязкова рабіць усё легальна, бо ў час, калі ён тут быў, міліцыянты правяралі пашпарты наўпрост на вуліцы».

Мяне цікавіць, якім чынам Жаа знайшоў сабе інфарматараў і фіксераў у Беларусі: «У 2012-м, калі я толькі пачаў цікавіцца Беларуссю, у мяне не было нікога знаёмага тут. Я залез на youtube паглядзець, як спытаць: “Ці гаворыце вы па-англійску?” на рускай мове. Пасля я патэлефанаваў у газету “Народная воля” і прамовіў гэту фразу. Жанчына на тым канцы провада пачала гістэрычна смяяцца і пазвала журналіста, які размаўляў па-англійску. Гэта быў мой першы кантакт, а далей праз знаёмых і знаёмых знаёмых – нічога асаблівага».

Babushki

І вось Жаа прызямліўся ў Менску. Падчас яго знаходжання тут крывая жыцця звяла яго з агентамі 34mag – так мы даведаліся, што не з усім партугальцу шанцавала і на тое, каб зняць кватэру каля лініі метро, сышло шмат часу, бо на англійскай мясцовыя рыэлтары не балакаюць прынцыпова. Да таго ж высветлілася, што ў Партугаліі не прадаецца півас у 1,5-літровых «цыцках» – менавіту таму Жаа з задавальненнем карыстаўся магчымасцю і, калі хацелася астудзіцца, браў у Беларусі выключна «паўтарахі».

Пытаюся, якія яшчэ былі першыя ўражанні: «Я чытаў пра шэрую змрочную архітэктуру, а дамы, у якіх я жыў, былі, наадварот, вельмі каляровыя. Увогуле, я зрабіў шмат даследаванняў перад гэтым трыпам, таму не вельмі здзівіўся, калі убачыў McDonalds блізка да вуліцы Карла Маркса». Ніякіх праблем з уладамі падчас працы ў журналіста таксама не ўзнікла, толькі чалавек у цывільным каля Дома ўрада настойліва раіў, як правільна фатаграфавацца з Леніным. Праз секунду Жаа дадае: «Дарэчы, адна рэч здарылася літаральна тыдзень таму. Калі аб’явілі намінантаў на прэмію Belarus in Focus, я зайшоў на Facebook – і раптам увесь мой профіль пераклаўся на беларускую мову. Гэта было крыху стромна. Не ведаю, мабыць, мне так давалі зразумець, што пра мяне ведаюць, бо да таго часу артыкул быў толькі на партугальскай, а калі з’явіўся і на англійскай, стала зразумела, што ён не вельмі хвалебны».

«Я зайшоў на Facebook – і раптам увесь мой профіль пераклаўся на беларускую мову»

Кожны дзень у Беларусі ў Жаа было па 4-5 інтэрв’ю – гэтыя размовы і сталі асновай трох артыкулаў. У першым з іх журналіст тлумачыць свайму партугальскаму чытачу, што такое Беларусь і хто такі Лукашэнка. Другі, самы вялікі, артыкул прысвечаны тым, хто падтрымлівае беларускага прэзідэнта.«Я спрабаваў пазбегчы звычкі заходніх СМІ пісаць толькі пра вашу апазіцыю», – кажа Жаа.

Наша размова пераходзіць на беларускіх бабулек, якіх партугалец кранальна называе babushka-мі, з націскам на другі склад: «У некаторым сэнсе мне было больш цікава пагутарыць з babushka-мі, чым з палітыкамі ці рок-зоркамі, бо з апошнімі занадта проста ўсталяваць кантакт».

Жаа распавядае, што падчас трыпу наведаў некалькі вёсах пад Віцебскам: «Я размаўляў з адной жанчынай за 70 пра вельмі агульныя рэчы, падрыхтоўваў да сваіх пытанняў, бо, вядома, не кожны дзень партугальскі журналіст прыязджае ў тваю вёску. Між іншым, спытаў, ці падабаецца ёй прэзідэнт. Яна выбухнула і сказала, што не, што яна ненавідзіць цяперашнюю ўладу. Я быў шакаваны! Але потым я зразумеў, чаму так. Гэта babushka атрымлівае невялікую пенсію, яе дачка, якая жыве разам з ёй, працуе прыбіральшчыцай на дзяржаўным заводзе ў Віцебску. Сям’я ледзьве зводзіць канцы з канцамі, babushka нават не можа дазволіць сабе тэлевізар. Таму яна назірае за сітуацыяй сама і добра разумее, што жыццё ў яе даволі дзярмовае. Яе сястра жыве ў суседнім доме, у яе ёсць тэлік і радыё, ёй улада цалкам падабаецца, і гэтыя babushk-і не выносяць адна адну. Здаецца, нават не размаўляюць паміж сабой».

«Апошняя дыктатура ў Еўропе»

Пераходзім да пытання, ці адпавядаюць назвы кніжак, па якім рыхтаваўся Жаа да візіту, рэчаіснасці. «Адзін журналіст, з якім я тут сустракаўся, некалькі раз паўтараў цытату з Lonely Planet, што Беларусь – гэта «камунізм з капучына». Гэта вельмі трапны выраз. У вас, безумоўна, не Паўночная Карэя, але вашы свабоды вельмі абмежаваныя. Я адчуваю Беларусь як удасканаленую версію Савецкага Саюза – у такім макіавеліанскім сэнсе слова».

Працягваем ісці па галоўных штампах і абмяркоўваем, ці змрочная тут атмасфера: «Я размаўляў з Саннікавым па скайпе, ён быў самым аптымістычным з маіх суразмоўцаў, але ў яго праца такая ў некаторым сэнсе. Бяляцкі дакладна быў песімістычны, яшчэ болей – Шушкевіч, які тлумачыў, чаму бліжэйшым часам у Беларусі нічога не зменіцца. Само стаўленне людзей да ўлады тут іншае, чым у Германіі, Францыі ці Партугаліі. Але ж калі ты будуеш сваё жыццё на супрацьстаянні рэжыму, настрой будзе натуральна змрочны. Калі размаўляць са звычайнымі людзьмі, то яны ў парадку. Іх не так моцна хвалюе палітыка, колькі ўласны рахунак у банку, і гэта цалкам нармальна, тое ж самае, што і ў любой еўрапейскай краіне».

Жаа распавядае, што па палітычных поглядах лічыць сябе леваком, але пасля публікацыі артыкула ў Партугаліі яго сталі прымаць за правацэнтрыста: «Людзі, якія не маюць уяўлення пра Беларусь, думаюць, што ў вас “левая” краіна. У тэорыі ў вас ёсць агульная адукацыя і медыцына, але ў вас адсутнічае такая рэч, як працоўны кантракт. Калі вы лекар, які працуе ў дзяржаўнай установе, у вас кантракт на адзін год, вы ідзеце на дэманстрацыю супраць Лукашэнкі – у вас няма наступнага кантракту на год. Гэта штосьці па-за межамі майго лявацкага ўяўлення, гэта абсалютна нелегітымна. У Партугаліі гэта тэма зараз шалёна важная з-за высокага беспрацоўя».

«Калі ты будуеш сваё жыццё на супрацьстаянні рэжыму, настрой будзе натуральна змрочны»

Пытаюся, ці выклікаў рэакцыю артыкул Жаа на яго радзіме: «Наколькі я ведаю, яго прачытала вельмі многа чалавек, некалькі тысяч. Але, на жаль, вялікай дыскусіі ён не выклікаў, бо ў Партугаліі зараз сваіх праблем хапае».

Напрыканцы размовы высвятляецца, што ва ўсёй гісторыі ёсць рамантычная падаплёка. Бацькі Дзіаша, абодва партугальцы, пазнаёміліся ў СССР. Яны вучыліся ў Ленінградзе і пражылі там восем гадоў: «Абодва камуністы, якія па-ранейшаму абараняюць ключавыя каштоўнасці той сістэмы, але ж ім падабаецца жыць у дэмакратычным грамадстве. Гэта адна з прычын таго, чаму я паклаў столькі сіл і грошай на маю паездку, бо Беларусь паўстае ў іх вачах ідэальнай версіяй Савецкага Саюза. Мне цікава было з гэтым разабрацца. Ці задаволіў я сваю прагу да ведаў? На гэты раз так, але я нават не ведаю, ці пусцяць мяне сюды зноў».

Фота з асабістага архіва Жаа Дзіаша і з сайта observador.pt

34mag.net